Перайсці да змесціва

План заняткаў

Што такое медыяпісьменнасць і якія кампетэнцыі патрэбныя медыяпісьменным людзям. План заняткаў

Што такое медыяпісьменнасць і якія кампетэнцыі патрэбныя медыяпісьменным людзям. План заняткаў

Гэтыя заняткі адрасаваныя людзям, якія хацелі б больш грунтоўна разбірацца ў розных аспектах медыяпісьменнасці. Заняткі могуць быць выкарыстаныя як уводзіны ў асобны курс па медыяпісьменнасці, а могуць быць праведзеныя асобна ў якасці блока трэнінга/курса, звязанага з медыяадукацыяй.

Пасля заняткаў ўдзельнікі будуць ведаць:

  • што такое медыяпісьменнасць;
  • якімі кампетэнцыямі трэба валодаць медыяпісьменным людзям.

Пасля заняткаў удзельнікі будуць здольныя:

  • растлумачыць, што такое медыяпісьменнасць і як медыяпісьменнасць можа ўплываць на якасць жыцця чалавека.

Пасля заняткаў удзельнікі будуць ставіцца:

  • да медыяпісьменасці як да важнай кампетэнцыі, якая істотна ўплывае на якасць жыцця чалавека ў сучасным грамадстве.

Неабходнае абсталяванне:

  • Папера А1 і А4, маркеры, каляровыя сцікеры.

Апісанне ходу заняткаў:

1. Уводзіны ў праграму заняткаў (2 хв.). 

Прывітайце ўдзельнікаў заняткаў і прадстаўцеся. Распавядзіце пла плануемыя вынікі заняткаў.

2. Знаёмства і ўзгадненне правіл сумеснай працы (30 хв.).

Раздайце ўдзельнікам па аркушу паперы А4. Папрасіце пакласці на аркуш сваю руку і абвесці яе контуры. Затым на кожны пальцы папрасіце напісаць сваю нейкую характарыстыку (напрыклад, люблю чытаць, маю двух унучак, нарадзілася ў Гродна і г.д.). Дайце на гэтую працу 5 хв.

Калі ўсе справяцца з заданнем – дайце 10 хв. на тое, каб удзельнікі маглі падыходзіць адзін да аднаго, паказваць, што яны напісалі і слухаць, што напісалі іншыя. Задача: знайсці людзей з падобнымі характарыстыкі і запісаць іх імёны на сваім малюнку насупраць тых пальцаў, на якіх напісаныя адпаведныя характарыстыкі.

Наступныя 10 хв. прысвяціце таму, каб кожны з удзельнікаў назваў як мінімум аднаго чалавека, у якога аказаліся падобныя характарыстыкі.

План В:

Запытайце ў удзельнікаў: Калі б вы былі нейкім медыя, то якім? Папрасіце кожнага прыдумаць назву гэтага медыя (газеты, тэлеканала, радыё і г.д.). Затым папрасіце людзей назваць сваё імя, а таксама распавесці пра медыя, якім бы яны былі. 

Прапануйце ўдзельнікам свой варыянт правілаў сумеснай працы. Папрасіце пры жаданні групу дадаць свае прапановы правілаў.

Тлумачальная інфармацыя:

Можна прапанаваць удзельнікам наступныя правілы:

  • Распачынаем заняткі своечасова
  • Уздымаем руку, калі хочам выказацца
  • Калі неабходна выйсці – ціха выходзім і вяртаемся назад
  • Крытыкуем думкі, а не іх аўтараў
  • У час заняткаў ставім тэлефоны ў рэжым вібрацыі,

3. Што такое “медыяпісьменнасць” і як яна ўплывае на якасць жыцця людзей  (25 хв.).

Пачапіце ў сярэдзіну дошкі картку з напісаным вялікімі літарамі словам “Медыяпісьменнасць”. Папрасіце ўдзельнікаў назваць асацыяцыі з гэтым словам, якія прыходзяць ім у галаву. Запісвайце на працягу 5 хвілін гэтыя асацыяцыі побач з карткай. 

Затым папрасіце ўдзельнікаў прапанаваць сваю версію тэрміна “медыяпісьменнасць”.

Заслухайце некалькі варыянтаў і прапануйце сваё вызначэнне (паказаўшы яго на слайдзе альбо выпісаным на аркушы паперы А1)

Тлумачальная інфармацыя:

У межах курса мы карыстаемся наступным азначэннем медыяпісьменнасці: 

Медыяпісьменнасць – гэта сукупнасць ведаў і ўменняў, якія дазваляюць людзям знаходзіць патрэбную інфармацыю, аналізаваць і ацэньваць паведамленні ў розных тыпах медыя, а таксама ствараць уласныя паведамленні.

У час тлумачэння тэрміна звярніце ўвагу на тры ключавыя словы, якія фігуруюць у ім:

  • “збіраць” – гэта азначае, ведаць, дзе можна знаходзіцца інфармацыя, выкарыстоўваць розныя інструманты яе пошуку і г.д. 
  • “аналізаваць” – гэта азначае, умець спраўджваць яе праўдзівасць, разумець мэты з’яўлення той альбо іншай інфармацыі, ступень яе карыснасці і г.д.
  • “ствараць” – гэта азначае ствараць свае паведамленні (тэксты, відэа, ілюстрацыі і інш.), ведаць каналы, праз якія іх можна распаўсюджваць, карыстацца рознымі сервісамі, якія робяць нашыя паведамленні больш змястоўнымі, структураванымі, візуальна прываблівымі і г.д.

Пры неабходнасці можна згадаць і вызначэнне “медыя-інфармацыйная пісьменнасць”, уведзенае ЮНЭСКА ў 2007 г.

Гэты тэрмін азначае: 

Сукупнасць ведаў, уменняў, перакананняў, кампетэнцый і практык, якія дазваляюць забяспечыць эфектыўны доступ да інфармацыі, яе аналіз, крытычную ацэнку, інтэрпрэтацыю, выкарыстанне, стварэнне і распаўсюджванне інфармацыі і медыйных прадуктаў з выкарыстаннем усіх неабходных сродкаў і інструментаў на творчай, законнай і этычнай аснове.

Крыніца: https://iite.unesco.org/ru/mig/

Дадаткова пра тое, што такое медыя і інфармацыйная пісьменнасць і чаму яна важная, можна пачытаць у Маскоўскай дэкларацыі пра медыя і інфармацыйную пісьменасць, змешчанай ў дадатку да гэтага матэрыялу.

4. Якімі кампетэнцыямі трэба валодаць медыяпісьменным людзям (22 хв.)

Аб’яднайце людзей ў 3-4 малыя групы (па 3-5 чалавек ў кожнай).

Папрасіце кожную групу напісаць на картках 3 найважнейшых кампетэнцый (калі гэтае слова будзе незразумелым для ўдзельнікаў – заняніце яго на слова “Уменні”), якімі пажадана валодаць сталым людзям. Папрасіце кожную кампетэнцыю запісаць на асобную картку. Дайце на гэтую працу 10 хв. 

Затым папрасіце кожную групу па чарзе называць па адной з запісаных на картках кампетэнцый, вывешваючы карткі на дошку. Карткі з аднолькавымі фармулёўкамі можна не вывешваць, а з падобнымі фармулёўкамі вывешваць побач.

Калі ўсе карткі будуць вывешаныя на дошцы – папрасіце ўдзельнікаў індывідуальна выбраць тры найважнейшыя з іх пункту гледжання. Для гэтага папрасіце кожнага індывідуальна паставіць маркерам кропкі на трох картках, на якіх напісаныя самыя важныя кампетэнцыі.

Пасля таго, як спіс кампетэнцый будзе складзены і прарангаваны – дапоўніце яго пры патрэбе тымі кампетэнцыямі, якія з’яўляюцца важнымі з вашага пункту гледжання. Для гэтага скарыстайцеся раздаткавым матэрыялам 1.1., які можна таксама раздаць напрыканцы гэтага блока ўдзельнікам. 

План В:

У якасці альтэрнатывы можна выкарыстаць такі варыянт правядзення гэтага блока:

Ад’ядноўваем удзельнікаў ў пары. Кожная пара атрымлівае па адной картцы з апісанай кампетэнцыяй медыяпісьменнасці (глядзіце раздаткавы матэрыял 1.1.) і заданне прыдумаць/узгадаць/змадэляваць рэальную сітуацыю з жыцця, якая ілюструе выкарыстанне той альбо іншай кампетэнцыі. Пасля гэтага ўдзельнікі прэзентуюць свае сітуацыі і адбываецца дыскусія, скіраваная на тое, каб удзельнікі добра зразумелі сэнс той альбо іншай кампетэнцыі.

5. Падсумаванне вынікаў заняткаў (10 хв.).

Змясціце ў розных кутах памяшкання тры карткі:

  1. Я разумею, што такое медыяпісьменнасць і чаму яна важная для сталага чалавека
  2. Я ведаю, што такое медыяпісьменнасць, але не разумею яе актуальнасці для сталага чалавека
  3. Я не зразумеў/не зразумела, што такое медыяпісьменнасць і навошта яна мне патрэбна.

Папрасіце ўдзельнікаў занятку заняць пазіцыю каля адной з гэтых картак і патлумачыць  свой выбар. 

Падзякуйце за ўдзел у занятку! 

Дадатковыя матэрыялы: