Перайсці да змесціва

План заняткаў

Спосабы вызначэння і аналізу праблем, звязаных з правамі чалавека

Спосабы вызначэння і аналізу праблем, звязаных з правамі чалавека

План гэтых заняткаў запазычаны з метадычнага дапаможніка “Адстойванне і пашырэнне правоў чалавека праз грамадскі ўдзел”, распрацаванага ў межах сумеснага праекту Бюро АБСЕ па дэмакратычных iнстытутах і правах чалавека (АБСЕ БДІПЧ) і Еўрапейскай камісіі (2010). Аўтарамі дапаможніка з’яўляюцца Ігар Кузьмініч і Вітаўт Руднік.

Апісаныя ў дапаможніку заняткі могуць быць прыдатнымі для настаўнікаў і адукатараў, якія працуюць у сферы нефармальнай адукацыі.

Чаканыя вынікі:

У выніку заняткаў ўдзельнікі будуць ведаць:

  • як фармулююцца праблемы, якія тычацца пытанняў абароны правоў чалавека і законных інтарэсаў грамадзян;
  • чаму важна ўмець правільна сфармуляваць праблему;
  • як аналізуюцца праблемы, якія тычацца пытанняў абароны правоў чалавека і законных інтарэсаў грамадзян.

У выніку заняткаў ўдзельнікі будуць здольныя:

  • фармуляваць і апісваць праблемныя сітуацыі, якія тычацца пытанняў абароны правоў чалавека і законных інтарэсаў грамадзян.

У выніку заняткаў ўдзельнікі будуць ставіцца:

  • да працэсу сумеснага вызначэння праблем як да найважнейшага этапу мабілізацыі грамадзян на сумесныя дзеянні, скіраваныя на абарону правоў чалавека і законных інтарэсаў грамадзян.

План заняткаў (90 хв.)

  1. Факусаванне ўвагі —- 15 хв.
  2. Прадстаўленне тэмы і чаканых вынікаў заняткаў — 1 хв.
  3. Вызначэнне, аналіз і апісанне праблемных сітуацый, якія тычацца парушэнняў правоў чалавека і законных інтарэсаў грамадзян — 60 хв.
  4. Падсумаванне вынікаў заняткаў — 14 хв.

Ход заняткаў

1. Факусаванне ўвагі (15 хв.).

Прадэманструйце ўдзельнікам мапу гіпатэтычнага “праблемнага” мікрараёна. Намалюйце на ёй зламаныя маладыя дрэўцы ў парку, сцёкі з цаглянага завода ў раку, чалавека ў інвалідным вазку, які спрабуе заехаць у краму, неабсталяваную пандусам, чаргу бацькоў, якія спрабуюць запісаць сваіх дзяцей у дзіцячы садок, у якім не хапае на ўсіх месцаў і г. д. Папрасіце ўдзельнікаў назваць праблемы, якія яны бачаць на гэтым малюнку. 

Тлумачальная інфармацыя 

Іншым варыянтам факусавання ўвагі можа быць цытаванне дзённіка жыхара горада Н., які апісвае адзін дзень свайго жыцця ў гэтым горадзе (тое, як ён на інвалідным вазку выбіраецца з дом на вуліцу, як спрабуе заехаць на ім у неабсталяваную пандусам краму, як назірае за групай бацькоў, якія стаяць у чарзе, каб запісаць сваіх дзяцей у дзіцячы садок і г. д.), а затым, аб’яднаўшы ўдзельнікаў у 3—4 малыя групы, папрасіце іх намаляваць гэтую гісторыю, зафіксаваўшы на малюнку асноўныя праблемныя моманты, якія вынікаюць з дзённіка. Звярніце ўвагу, што такі варыянт пачатку занятку патрабуе дадатковага часу! 

Праблема — гэта негатыўная сітуацыя, якая ўплывае на пэўныя колы людзей і не вырашаецца сама па сабе. 

Звяртайце ўвагу на карэктнасць фармулёвак праблемы з боку ўдзельнікаў. Трэба абазначаць праблемы дакладна. Напрыклад, не “адукацыя”, а “нізкі ўзровень адукацыі” альбо “няроўны доступ да адукацыі” і г. д.

2. Прадстаўце тэму і чаканыя вынікі заняткаў (1 хв.).

Патлумачце, што на гэтым занятку мы пачнём вучыцца распрацоўваць грамадскія кампаніі, скіраваныя на вырашэнне праблем, звязаных з правамі чалавека і інтарэсамі грамадзян, якія жывуць у нашай мясцовасці.

3. Вызначэнне, аналіз і апісанне праблемных сітуацый, якія тычацца парушэнняў правоў чалавека і законных інтарэсаў грамадзян (60 хв.).

Нагадайце ўдзельнікам сутнасць мадэлі грамадскага ўдзелу. Падкрэсліце, што любая сумесная грамадзянская актыўнасць будзе мець больш шансаў на поспех, калі людзі будуць далучаныя да дзейнасці яшчэ на этапе вызначэння праблем, якія іх хвалююць. Патлумачце ролю этапу вызначэння і аналізу праблем у працэсе распрацоўкі грамадскіх кампаній, скіраваных на абарону правоў чалавека, адстойванне і прасоўванне інтарэсаў грамадскасці (гл. дадатковую інфармацыю ў канцы занятку).

З дапамогай удзельнікаў запішыце на вялікім аркушы паперы прыклады праблемных сітуацый у мясцовасці, дзе жывуць удзельнікі альбо ў грамадстве, якія звязаныя з правамі чалавека і маглі б легчы ў аснову грамадскіх кампаній. 

Тлумачальная інфармацыя

Звярніце ўвагу на тое, каб удзельнікі называлі рэальныя праблемы, а не тыя, якія гучалі пад час абмеркавання малюнка (альбо дзённіка) у пачатку занятку. У якасці прыкладаў, калі ўдзельнікі слаба арыентуюцца ў жыцці грамадства і ў пытаннях, звязанымі з правамі чалавека, можна распавесці пра праблемныя сітуацый, якія ляглі ў аснову грамадскіх кампаній, прыкладзеных да дапаможніка. 

Папрасіце ўдзельнікаў, у адпаведнасці з іх жаданнямі, аб’яднацца ў малыя групы, якія хацелі б займацца вырашэннем той альбо іншай з агучаных праблемаў. Пажадана, каб утварыліся не менш за 2—3 такія групы, якія будуць працаваць разам на працягу некалькіх месяцаў над вырашэннем канкрэтных праблемаў. 

Тлумачальная інфармацыя

Для выбару прыярытэтных праблем (калі названая вялікая колькасць праблем) для працы ў групах можна скарыстацца рэйтынгавым галасаваннем, у час якога ўдзельнікі будуць мець два “галасы” (две кропкі), якія трэба размеркаваць паміж прапанаванымі праблемамі. Тыя праблемныя сітуацыі, якія набяруць найбольшую колькасць галасоў, і стануць прадметам далейшай працы па распрацоўцы грамадскіх кампаній. 

Папрасіце кожную групу на працягу 25 хв. абмеркаваць і канкрэтызаваць гэтыя сітуацыі, абапіраючыся на пытанні з раздатка 2.1., які атрымаюць удзельнікі.

У час прэзентацыі вынікаў працы групаў звяртайце ўвагу на тое, ці ясна сфармуляваныя сутнасць праблемы, яе прычыны і наступствы, каго тычыцца гэтая праблема, якія правы чалавека і законныя інтарэсы грамадзян яна закранае. 

Звярніце ўвагу ўдзельнікаў на тое, што этап вызначэння і аналізу праблемных сітуацый з’яўляецца ключавым пры прыняцці рашэння аб пачатку дзейнасці па вырашэнні гэтых праблем, па мабілізацыі людзей да ўдзелу ў гэтым працэсе. Калі ўдзельнікі збіраюцца распачынаць свае кампаніі, скіраваныя на абарону правоў чалавека і законных інтарэсаў грамадзян, то ім давядзецца ўзяць пад увагу пытанні, выкладзеныя ў раздатку 2.2. да гэтага занятку. Раздайце гэты апытальнік удзельнікам і папрасіце ў групах абмеркаваць адказы на пастаўленыя ў ім пытанні, а затым прадставіць вынікі гэтага абмеркавання.

Папрасіце групы запісаць на лісце паперы і агучыць канчатковы варыянт пастаўленай праблемы. 

Тлумачальная інфармацыя

Увага! Захавайце апісанне сфармуляваных праблемных сітуацый (у выглядзе аркуша паперы, на якім зафіксаваныя фармулёўкі альбо ў выглядзе набранага на кампутары тэксту з фармулёўкай праблемаў). Гэта спатрэбіцца для працы на наступных занятках!

4. Падсумуйце вынікі занятку (14 хв.).

Абмеркаванне можна правесці з дапамогай наступных пытанняў:

▪ Што такое праблема?

▪ Чаму вызначэнне і пастаноўка праблемы лічыцца адным з найважнейшых этапаў у мадэлі грамадскага ўдзелу?

▪ Як аналізаваць праблемы, якія тычацца пытанняў абароны правоў чалавека і законных інтарэсаў грамадзян? 

Падзякуйце ўдзельнікам занятку за працу!

Дадатковая інфармацыя

  1. Роля этапу вызначэння і аналізу праблемных сітуацый у працэсе пабудовы канцэпцыі грамадскай кампаніі

Дакладнае вызначэнне і добры аналіз праблемных сітуацый з’яўляюцца асновай для планавання дзейнасці, скіраванай на вырашэнне праблем. Гэты этап працы дазваляе разабрацца, у чым сутнасць праблемы (негатыўнай сітуацыі, якая ўплывае на канкрэтныя групы людзей і, як правіла, не вырашаецца сама па сабе), вызначыць прычыны і наступствы існавання праблемы, людзей, на якіх гэтая праблема ўплывае, а таксама тых, ад каго можа залежыць вырашэнне праблемы.

Добра праведзены аналіз праблемы дазваляе вырашыць, на што будзе скіравана грамадская кампанія: на ліквідацыю прычын існавання праблемы, барацьбу з наступствамі праблемы ці ліквідацыю гэтай праблемы цалкам.

На гэтым этапе неабходна таксама адказаць сабе на пытанні, ці рэальна вырашыць гэтую праблему, у якое становішча можа паставіць вас дзейнасць па яе вырашэнні, каго можна прыцягнуць да дзейнасці па вырашэнні гэтай праблемы.

Калектыўная праца па вызначэнні і аналізе праблем дазваляе людзям лепш зразумець розныя аспекты праблемаў, акрэсліць узгодненае бачанне дзейнасці па яе вырашэнні, пазбегнуць многіх памылак пры фармуляванні і аналізе праблемы.

Часта пры вызначэнні праблем узнікае блытаніна ў вызначэнні іх сутнасці, прычын і наступстваў. Напрыклад, будаўніцтва запраўкі блізка да жылых дамоў з’яўляецца толькі прычынай праблемы, паколькі яе сутнасць заключаецца ў пагрозе здароўю людзей пры атручванні выхлапнымі газамі аўтамабіляў.

Для візуалізацыі сувязяў паміж прычынамі, сутнасцю і наступствамі праблемы часта выкарыстоўваецца г. зв. “дрэва праблемаў”. Ствол гэтага дрэва — гэта сутнасць праблемы, карэнні — яе прычыны, галінкі — наступствы. Падобны малюнак дапамагае лепш зразумець маштаб праблемы, сувязь паміж прычынамі і наступствамі, што затым дазваляе эфектыўней спланаваць дзейнасць, скіраваную на вырашэнне гэтай праблемы.

Раздатак 2.1.

Апісанне праблемнай сітуацыі

Праблема — гэта негатыўная сітуацыя, якая ўплывае на канкрэтныя групы людзей і не вырашаецца без знешняга ўздзеяння.

Добрае апісанне праблемнай сітуацыі, звязанай з правамі чалавека:

  • Сцісла характарызуе сітуацыю, якая патрабуе змяненняў.
  • Паказвае групы людзей, на якія ўплывае гэтая сітуацыя, а таксама патрэбы гэтых людзей.
  • Паказвае прычыны існавання праблемы.
  • Утрымлівае апісанне наступстваў існавання праблемы (эканамічных, сацыяльных, палітычных, дэмаграфічных, экалагічных, культурных і г. д.).
  • Утрымлівае колькасную інфармацыю (у тым ліку спасылкі на афіцыйную статыстыку, дадзеныя з аўтарытэтных крыніц).
  • Паказвае што раней рабілася (калі рабілася) для вырашэння праблемы і якія гэта дало вынікі.
  • Апелюе да палажэнняў заканадаўства, стратэгічных дзяржаўных і міжнародных праграм і іншых важных дакументаў у галіне правоў чалавека.
  • Адпавядае рэальным інтарэсам і магчымасцям людзей, якіх тычыцца гэтая праблема і якія могуць быць далучаныя да яе вырашэння.
  • Улічвае пытанні роўнасці правоў мужчын і жанчын, недыскрымінацыі жанчын.

Раздатак 2.2 

Перад тым, як распачаць грамадскую кампанію, скіраваную на адстойванне і пашырэнне правоў чалавека: Адкажыце на наступныя пытанні:

▪ Наколькі важныя для вас пытанні (праблемы), якія вы (ваша арганізацыя) імкнецеся вырашыць (з пункту гледжання вашых прынцыпаў, адпаведнасці місіі і мэтам вашай арганізацыі?)

▪ Ці адпавядае ваша пазіцыя па гэтым пытанні вашай папярэдняй дзейнасці?

▪ У якое становішча паставіць вас барацьба за вырашэнне гэтых пытанняў?

▪ Ці можна ўвогуле атрымаць перамогу па дадзеным пытанні і ці варта брацца за гэтую справу?

▪ Якую карысць прынясе вырашэнне гэтых пытанняў іншым грамадзянам?

▪ Хто мае найбольшую патрэбу ў пераменах, за якія вы выступаеце?

▪ Ці можна зрабіць вашы пытанні важнымі для тых, хто не асабліва зацікаўлены ў іх вырашэнні?

▪ Наколькі вы абмежаваныя ў часе і рэсурсах?

▪ Ці будуць іншыя людзі (у тым ліку з вашай арганізацыі) з энтузіязмам працаваць для вырашэння гэтых пытанняў? Калі не, то што трэба зрабіць, каб больш зацікавіць іх у такой працы?

Глядзі таксама іншыя заняткі па тэме: