Перайсці да змесціва

План заняткаў

Што такое грамадcкі ўдзел і чаму ён важны для пашырэння і абароны правоў чалавека

Што такое грамадcкі ўдзел і чаму ён важны для пашырэння і абароны правоў чалавека

План гэтых заняткаў запазычаны з метадычнага дапаможніка “Адстойванне і пашырэнне правоў чалавека праз грамадскі ўдзел”, распрацаванага ў межах сумеснага праекту Бюро АБСЕ па дэмакратычных iнстытутах і правах чалавека (АБСЕ БДІПЧ) і Еўрапейскай камісіі (2010). Аўтарамі дапаможніка з’яўляюцца Ігар Кузьмініч і Вітаўт Руднік.

Апісаныя ў дапаможніку заняткі могуць быць прыдатнымі для настаўнікаў і адукатараў, якія працуюць у сферы нефармальнай адукацыі.

У выніку заняткаў ўдзельнікі будуць ведаць:

  • што такое правы чалавека і іх класіфікацыю;
  • што такое грамадскі ўдзел;
  • мадэль грамадскага ўдзелу;
  • формы грамадскага ўдзелу;
  • чаму грамадскі ўдзел важны для прасоўвання і абароны правоў чалавека.

У выніку заняткаў ўдзельнікі будуць здольныя:

  • растлумачыць, што такое грамадскі ўдзел і чаму ён важны для прасоўвання і адстойвання правоў чалавека;
  • растлумачыць сутнасць мадэлі грамадскага ўдзелу.

У выніку заняткаў ўдзельнікі будуць ставіцца:

  • да грамадскага ўдзелу як да ключавога элемента, які забяспечвае стварэнне і падтрымку механізма пашырэння і абароны правоў чалавека, а таксама функцыянаванне дэмакратыі.

План заняткаў (90 хв.)

1. Факусаванне ўвагі: што такое грамадскі ўдзел — 10 хв.

2. Прадстаўленне тэмы і чаканых вынікаў занятку — 1 хв.

3.Што такое правы чалавека. Класіфікацыя правоў чалавека — 15 хв.

4. Што такое грамадскі ўдзел — 20 хв. 

5. Мадэль грамадскага ўдзелу — 15 хв.

6. Формы грамадскага ўдзелу—20 хв.

7. Падсумаванне занятку — 9 хв.

Ход заняткаў

1. Факусаванне ўвагі (10 хв.). 

Прачытайце ўдзельнікам апісаны ніжэй выпадак. Папрасіце іх адказаць на пытанне, ці ёсць у гэтым выпадку факты парушэння правоў чалавека. Калі так, то якія?

Выпадак у горадзе Н.
У новым мікрараёне горада Н. у 20 метрах ад жылых дамоў пачалося будаўніцтва аўтазапраўкі. Жыхары былі абураныя гэтым фактам, паколькі лічылі, што выхлапныя газы аўтамабіляў і пары паліва будуць кепска ўплываць на іх здароўе, а таксама на навакольнае асяроддзе.
Спробы дамовіцца з кіраўніцтвам фірмы, якая вяла будоўлю, пра перанос запраўкі ў іншае месца не далі вынікаў. Тады жыхары звярнуліся да мясцовых уладаў з патрабаваннем правесці адкрытыя грамадскія слуханні, каб абмеркаваць на іх магчымае ўздзеянне новабудоўлі на здароўе людзей і навакольнае асяроддзе.
Улады адмовіліся гэта зрабіць, спаслаўшыся на тое, што фірма атрымала права весці будаўніцтва запраўкі на законных падставах і таму няма прычын абмяркоўваць гэтае рашэнне. Зварот у пракуратуру таксама не прынёс вынікаў — пракуратура адаслала зварот мясцовым уладам.

Тлумачальная інфармацыя

У дадзеным выпадку парушаныя наступныя правы чалавека: права на доступ да інфармацыі, права на ўдзел у прыняцці рашэнняў, права кожнага жыць у навакольным асяроддзі, спрыяльным для яго здароўя і дабрабыту, а таксама права на доступ да правасуддзя (пракуратура абавязана праверыць законнасць рашэння аб будаўніцтве запраўкі). У прыватнасці, Орхуская канвенцыя “Аб доступе да інфармацыі, удзеле грамадскасці ў працэсе прыняцця рашэнняў і доступе да правасуддзя па пытаннях, якія тычацца навакольнага асяроддзя,” падпісаная ў 1998 г. і ухваленая Беларуссю, абавязвае “для садзейнічання абароне права кожнага чалавека… жыць у навакольным асяроддзі, спрыяльным для яго здароўя і дабрабыту” гарантаваць “права на доступ да інфармацыі… па пытаннях, якія тычацца навакольнага асяроддзя”.

Патлумачце ўдзельнікам, што на гэтым занятку мы будзем гаварыць пра тое, якім чынам грамадзяне могуць браць удзел у вырашэнні пытанняў, звязаных з парушэннямі правоў чалавека альбо папярэджаннем такіх парушэнняў.

2. Прадстаўце тэму і чаканыя вынікі занятку (1 хв.).

3. Што такое правы чалавека. Класіфікацыя правоў чалавека (15 хв.). 

Запытайце ва ўдзельнікаў занятку, ці сутыкаліся яны калі-небудзь з парушэннямі іх правоў альбо правоў іншых людзей? Што яны ўкладаюць у сэнс тэрміна “правы чалавека”? 

Тлумачальная інфармацыя

Можна прапанаваць удзельнікам наступнае вызначэнне: “Правы чалавека — гэта сістэма каштоўнасцей, нормаў і механізмаў, якія накіраваныя на абарону годнасці асобы ў яе адносінах з дзяржавай”. 

Для глыбейшага разумення сутнасці тэрміну “правы чалавека” раздайце ўдзельнікам матэрыял з раздатка 1.1. і абмяркуйце яго. 

Для тлумачэння суадносінаў каштоўнаснага і легалістычнага падыходаў да правоў чалавека, вертыкальных і гарызантальных адносінаў выкарыстайце матэрыялы дапаможніка “Навучанне правам чалавека ў школе і па-за ёй” (заняткі 1.1 і 1.2).

Запытайце, якія правы чалавека ведаюць удзельнікі? Раздайце ім раздатак 1.2. і і патлумачце прапанаваную класіфікацыю правоў чалавека. 

4. Што такое грамадскі ўдзел? (20 хв.)

Запытайце ва ўдзельнікаў, ці даводзілася ім у той альбо іншай форме ўдзельнічаць у жыцці грамадства (напрыклад, у школе, у мясцовасці, дзе яны жывуць, ці іншым чынам). Калі так, то для чаго яны гэта рабілі, што гэта ім дало? Калі не, то чаму не ўдзельнічалі? 

Аб’яднайце ўдзельнікаў у 2 групы. Задачай першай групы будзе агучванне перавагаў, якія дае грамадзянам іх актыўны ўдзел у жыцці грамадства і дзяржавы.

Задачай другой групы будзе агучванне перавагаў, якія дае грамадству і дзяржаве актыўны ўдзел грамадзян. 

Кожная група па чарзе называе перавагі, якія фіксуюцца адукатарам на асобных аркушах паперы.

Тлумачальная інфармацыя

У час падсумавання вынікаў гэтага практыкавання можна абапірацца на дадатковую інфармацыю, прыведзеную ў канцы занятку. Патлумачце ўдзельнікам, што людзі больш актыўна ўключаюцца ў нейкую дзейнасць альбо дапамагаюць іншым людзям тады, калі разумеюць, якія выгоды і перавагі ім гэта дае. У сувязі з гэтым перад пачаткам любой дзейнасці, скіраванай на вырашэнне грамадскіх праблем, паляпшэнне якасці жыцця людзей, трэба ўяўляць і ўмець аргументавана прадстаўляць тыя эфекты, якія атрымаюць людзі (у тым ліку прадстаўнікі дзяржаўных структур) у выніку ўдзелу ў запланаваных вамі дзеяннях.

Прапануйце групе тэрмін “грамадскі ўдзел” і патлумачце яго. 

Грамадскі ўдзел — гэта дзейнасць, якая прадугледжвае ўключанасць грамадзян у кіраванне (абмеркаванне і распрацоўку палітычных, сацыяльна-эканамічных, культурных праграм і праектаў), здзяйсненне ўплыву на прыняцце рашэнняў і кантроль за іх выкананнем на мясцовым, нацыянальным ці міжнародным узроўнях (альбо на некалькіх ці ўсіх узроўнях адразу).

Патлумачце ўдзельнікам, што грамадскі ўдзел з’яўляецца асновай дэмакратыі, бо менавіта праз актыўны ўдзел у жыцці грамадства можна ўплываць на прыняцце найважнейшых рашэнняў, якія тычацца функцыянавання гэтага грамадства.

Акрамя таго, грамадскі ўдзел з’яўляецца ключавым элементам, які забяспечвае стварэнне і падтрымку механізма пашырэння і абароны правоў чалавека ў грамадстве.

Гарантыі ўдзелу грамадзян у жыцці грамадства і дзяржавы ўтрымліваюцца ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і многіх міжнародных прававых актах, якія падпісала наша краіна (гл. дадатковую інфармацыю ў канцы занятку).

5. Мадэль грамадскага ўдзелу (15 хв.).

Запытайце ўдзельнікаў, з якіх этапаў маглі б складацца дзеянні па вырашэнні праблем, звязаных з парушэннем правоў чалавека. 

Раздайце (альбо прадстаўце ў выглядзе намаляванай на дошцы схемы) і патлумачце ўдзельнікам прапанаваную ў раздатку 1.3. схему “Мадэль грамадскага ўдзелу”. Зрабіце гэта на прыкладзе гісторыі з аўтазапраўкай, агучанай на пачатку занятку. Патлумачце, што першым крокам грамадзян, якія хочуць сумеснымі намаганнямі вырашыць тую альбо іншую праблему, павінна стаць яе “ідэнтыфікацыя” (ШТО менавіта з’яўляецца праблемай?). У дадзеным выпадку праблемай з’яўляецца пагроза здароўю людзей.

Наступны крок — сумеснае выяўленне прычын (ЧАМУ так здарылася?) існавання праблемы. У дадзеным выпадку прычынай стала парушэнне права грамадзян на доступ да інфармацыі адносна навакольнага асяроддзя, што праявілася ў будаўніцтве небяспечнага для здароўя людзей аб’екта, якое распачалося без кансультацый з імі, і іх ніхто не праінфармаваў пра магчымыя наступствы будаўніцтва для здароўя людзей ды навакольнага асяроддзя.

Далейшы крок — сумеснае планаванне дзеянняў, накіраваных на вырашэнне праблем (ЯК можна вырашыць гэтую праблему?). У дадзеным выпадку грамадзяне маглі б запланаваць, напрыклад, звярнуцца ў суд, каб абскардзіць рашэнне пра будаўніцтва запраўкі, правесці грамадскую акцыю, скіраваную на прыцягнення ўвагі да праблемы і г. д. 

Далейшымі этапамі сталі б сумесныя дзеянні па вырашэнні гэтай праблемы і сумесная ацэнка дасягнутых вынікаў.

Патлумачце, што на аснове гэтай схемы могуць базіравацца калектыўныя дзеянні грамадзян, скіраваныя на абарону правоў чалавека, прасоўванне сваіх законных правоў і інтарэсаў. Менавіта на аснове гэтай мадэлі будуць пабудаваныя ўсе наступныя заняткі па матэрыялах гэтага дапаможніка. Па падобнай логіцы ствараюцца канцэпцыі грамадскіх кампаній, скіраваных на абарону і пашырэнне правоў чалавека.

Падкрэсліце, што надзвычай важна стымуляваць актыўны ўдзел у жыцці грамадства як мужчын, так і жанчын, максімальна ўлічваць іх інтарэсы ў час рэалізацыі грамадскіх кампаній і акцый.

Патлумачце ўдзельнікам, што на наступных занятках яны якраз і будуць вучыцца выяўляць і правільна фармуляваць праблемныя сітуацыі ў грамадстве, вызначаць мэты і задачы дзейнасці па вырашэнні гэтых праблем, мэтавыя групы, з якімі ім давядзецца працаваць, абіраць адпаведныя сітуацыям формы і метады дзейнасці, ствараць планы і каштарысы грамадскіх кампаній, скіраваных на вырашэнне праблем, планаваць арганізацыю працы груп, якія будуць займацца гэтымі кампаніямі і г. д. 

6. Формы грамадскага ўдзелу (20 хв.). 

Нагадайце ўдзельнікам, што грамадскі ўдзел можа ажыццяўляцца з дапамогай розных формаў. Задайце ўдзельнікам пытанне: “Якія актыўныя дзеянні можна распачаць у выпадку з запраўкай?”

Такім чынам, атрымаецца спіс магчымых формаў грамадскага ўдзелу.

Тлумачальная інфармацыя

Пералік формаў удзелу грамадзян у жыцці грамадства і дзяржавы можа быць вельмі вялікім. Звярніце ўвагу на найбольш распаўсюджаныя і вядомыя формы, такія, як напісанне калектыўных зваротаў, прапановаў, скаргаў у органы ўлады, удзел у дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў, ініцыіраванне грамадскіх акцый і кампаній, прыцягненне ўвагі грамадскасці да важных пытанняў з дапамогай СМІ, удзел у выбарах і г. д. Для дадатковай інфармацыі па формах грамадскага удзелу гл. занятак 10 дадзенага дапаможніка (вызначэнне магчымых стратэгій дзейнасці ў межах грамадскіх кампаній). Патлумачце, што ў час правядзення іншых заняткаў па матэрыялах дапаможніка можна будзе пазнаёміцца з асаблівасцямі кожнай з гэтых формаў грамадскага ўдзелу. 

7. Падсумаванне вынікаў заняткаў (9 хв.).

Падсумаванне вынікаў можна правесці з дапамогай наступных пытанняў (не абавязкова ўсіх альбо толькі гэтых):

▪ Якія правы чалавека вы ведаеце?

▪ Якім чынам людзі могуць адстойваць свае правы?

▪ Якія перавагі можа даць грамадзянам актыўны ўдзел у жыцці грамадства і дзяржавы?

▪ У чым сутнасць разгледжанай на занятках мадэлі грамадскага ўдзелу?

▪ Якія праблемы, звязаныя з правамі чалавека, вы бачыце ў сваёй мясцовасці? 

Тлумачальная інфармацыя

Апошняе пытанне дапаможа адукатару зразумець ступень ведання навучэнцамі мясцовых праблемаў, каб лепш падрыхтавацца да наступных заняткаў, якія будуць прысвечаны выяўленню і аналізу праблем, звязаныя з правамі чалавека ў іх мясцовасці. 

Падзякуйце за ўдзел у занятках! 

Дадатковая інфармацыя

  1. Прававыя гарантыі ўдзелу грамадзян у жыцці грамадства і дзяржавы 
  2. Ідэя грамадскага ўдзелу ляжыць у аснове існавання любой дэмакратычнай дзяржавы. Удзел грамадзян у прыняцці рашэнняў, кантролі за іх выкананнем, у фарміраванні і дзейнасці структур самакіравання і арганізацый грамадзянскай супольнасці замацаваны ў Канстытуцыях і заканадаўчых актах, з’яўляецца агульнапрызнанай неад’емнай часткай працэсу фармірання грамадзянскай супольнасці і развіцця дэмакратычнага грамадства. 
  3. Так, арт. 37 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь гарантуе грамадзянам Рэспублiкi Беларусь права ўдзельнiчаць у вырашэннi дзяржаўных спраў як непасрэдна, так i праз свабодна выбраных прадстаўнiкоў. Непасрэдны ўдзел грамадзян у кiраваннi справамi грамадства i дзяржавы забяспечваецца правядзеннем рэферэндумаў, абмеркаваннем праектаў законаў i пытанняў рэспублiканскага i мясцовага значэння, iншымi вызначанымi законам спосабамi. У парадку, устаноўленым заканадаўствам, грамадзяне Рэспублiкi Беларусь прымаюць удзел у абмеркаваннi пытанняў дзяржаўнага i грамадскага жыцця на рэспублiканскiх i мясцовых сходах.
  4. Артыкул25 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах(МПГПП) прызнае і абараняе права кожнага грамадзяніна прымаць удзел у вядзенні дзяржаўных справаў праз свабодна абраных у час выбараў прадстаўнікоў. Варта паглядзець заўвагі агульнага парадку да арт. 25 МПГПП, прадстаўленыя Камітэтам ААН па правах чалавека, http://www1.umn.edu/humanrts/russian/gencomm/Rhrcom25.html, дзе падрабязна тлумачыцца сутнасць арт. 25 МПГПП. 
  5. Грамадзяне прымаюць удзел у вядзенні дзяржаўных справаў у межах агульнанародных дыскусій і дыялогу са сваімі прадстаўнікамі альбо шляхам ажыццяўлення свайго права на арганізацыю. Такому ўдзелу спрыяе свабода выражэння, свабода мірных сходаў і свабода асацыяцый (аб’яднанняў). Пры гэтым абараняецца права “кожнага грамадзяніна”. Не дапускаецца аніякая дыскрымінацыя грамадзян па прыкмеце расы, пола, мовы, рэлігіі, палітычных альбо іншых перакананняў, нацыянальнага альбо сацыяльнага паходжання, маёмаснага стану, нараджэння альбо іншых абставінаў. 

Сам тэрмін «грамадзяне» выкарыстоўваецца ў гэтым дапаможніку не як азначэнне людзей, якія маюць грамадзянства Беларусі, а як прадстаўнікоў беларускага грамадства, і ўключае людзей, якія не з’яўляюцца грамадзянамі нашай краіны, але знаходзяцца на яе тэрыторыі (напрыклад, студэнты, уцекачы, і інш.) Гэтыя людзі маюць тыя самыя правы чалавека ў Беларусі за выключэннем некаторых палітычных правоў (напрыклад, права галасаваць і быць абраным на дзяржаўную пасаду).

Грамадскі ўдзел павышае адчуванне людзьмі сваёй далучанасці да вырашэння важных грамадскіх спраў, мабілізуе калектыўныя дзеянні для дасягнення зменаў, прыцягвае дадатковыя рэсурсы, стварае ўзаемны давер і гэтым самым “скарачае выдаткі на кантроль за выкананнем пагадненняў і кантрактаў як фармальнай асновы грамадскага ўзаемадзеяння”.

Аргументы на карысць грамадскага ўдзелу:

  • уздымае самаацэнку і адчуванне ўласнай годнасці;
  • з’яўляецца крыніцай новага разумення праблем, інфармацыі, ведаў, досведу, што спрыяе павышэнню якасці рашэнняў і дзеянняў;
  • часта спрашчае мясцовым уладам выкананне іх працы. Без грамадскай падтрымкі мноства добрых ідэй і праектаў ніколі не былі б рэалізаваныя;
  • робіць дзейнасць улады больш зразумелай для шараговых грамадзян, больш адпаведнай іх патрэбам;
  • дае шанец на знаходжанне інавацыйных спосабаў вырашэння грамадскіх праблем;
  • робіць грамадства лепш інфармаваным пра дзейнасць і планы ўладаў;
  • дапамагае лепш вызначыць прыярытэты і лепш размеркаваць рэсурсы;
  • спрыяе хуткаму атрыманню інфармацыі пра новыя праблемы (яшчэ да таго моманту, пакуль іх маштаб не стаў крытычным);
  • спрыяе лепшаму разуменню сутнасці грамадскіх праблем, якімі давядзецца займацца;
  • робіць больш верагоднай падтрымку дзейнасці уладаў з боку насельніцтва.

Раздатак 1.1.

Паняцце “правы чалавека”

Правы чалавека — гэта сістэма каштоўнасцяў, нормаў і механізмаў, якія накіраваныя на абарону годнасці асобы у яе дачыненнях з дзяржавай.

Правы чалавека ўзніклі для таго, каб абмежаваць уладу дзяржавы над чалавекам, для таго, каб абавязаць дзяржаву будаваць адносіны з чалавекам на прынцыпе павагі да чалавечай годнасці.

Правы чалавека даюцца кожнаму чалавеку ад нараджэння і вынікаюць з яго прыроды. Гэта значыць, што чалавек мае права на асабістую свабоду не праз тое, што нехта яму гэта дазваляе. Чалавек мае права быць свабодным, права навучацца, жыць і г. д. таму, што ён нарадзіўся чалавекам.

Паходжанне правоў чалавека, іх натуральная прырода, цесна звязаныя з паняццем годнасці. Годнасць — гэта адна з цэнтральных катэгорый ў паняцці “правы чалавека”. Годнасць базіруецца на прыродзе чалавека, вынікае з прыроды чалавека і належыць чалавеку ад нараджэння да смерці. Незалежна ад таго, добры чалавек ці дрэнны, зрабіў ён нешта карыснае, ці не — усе людзі маюць аднолькавую годнасць і таму мы павінны ставіцца да любога чалавека з павагай, паважаць яго годнасць — незалежна ад таго, што ён зрабіў.

Паходжанне правоў чалавека таксама звязана з прынцыпам чалавекалюбства, ці гуманізму, на падставе якога павінны будавацца адносіны паміж людзьмі, адносіны паміж асобай і дзяржавай. Прынцыпы гуманізму азначаюць, што мерай ўсяго ў дзейнасці дзяржавы з’яўляюцца інтарэсы і патрэбы чалавека, што дзяржава мае абавязак ствараць камфортныя ўмовы для жыцця, развіцця і творчасці чалавека, што гэтыя ўмовы павінны быць годнымі.

Катэгорыя правоў чалавека ў першую чаргу адлюстроўвае адносіны паміж чалавекам і дзяржаўнымі органамі. Фармальна грамадзяне і прадстаўнікі дзяржаўных органаў роўныя. Але дзяржава і яе органы надзелены асаблівай палітычнай уладай і маюць спецыяльныя паўнамоцтвы, дадзеныя заканадаўствам, якія дазваляюць часам абмяжоўваць некаторыя правы чалавека, а часам прыводзяць да парушэння правоў чалавека прадстаўнікамі дзяржавы. Аднак якраз правы чалавека абмяжоўваюць дзяржаўную ўладу і накладаюць на прадстаўнікоў дзяржавы абавязкі па гарантаванні і рэалізацыі правоў чалавека. 

У той жа час адносіны паміж людзьмі, каштоўнасці, на падставе якіх людзі сябе паводзяць у штодзённым жыцці, — гэта таксама істотныя элементы правоў чалавека, паколькі з’яўляюцца ўнутраным асабістым стрыжнем захавання правоў чалавека кожнай асобай, як простым грамадзянінам, так і дзяржаўным служачым.

Атрыманне правоў чалавека ад нараджэння, гуманістычныя каштоўнасці, годнасць, характар правоў чалавека менавіта як адносіны паміж чалавекам і дзяржаўнымі органамі, асаблівае стаўленне і каштоўнасці кожнага асобнага чалавека, якія закладаюцца з дзяцінства, можна разглядаць як прыкметы правоў чалавека.

Раздатак 1.2.

Пералік правоў чалавека pastedGraphic.png

  • права на жыццё;
  • забарона катаванняў, жорсткага, бесчалавечнага абыходжання, абыходжання і пакарання, якія прыніжаюць годнасць чалавека;
  • забарона рабства і паднявольнага стану;
  • пакаранне выключна на аснове закону;
  • права на свабоду і асабістую бяспеку;
  • права на свабоду перасоўвання;
  • права на справядлівае судовае разбіральніцтва;
  • права на павагу да прыватнага і сямейнага жыцця, жытла і карэспандэнцыі;
  • права на ўступленне ў шлюб;
  • свабода думкі, сумлення і веравызнання;
  • свабода выказвання меркаванняў;
  • свабода сходаў і аб’яднанняў;
  • права на эфектыўныя сродкі прававой абароны;
  • роўнасць перад законам;
  • іншыя спадарожныя правы (права выступаць у якасці фізічнай альбо юрыдычнай асобы, права на імя і прозвішча, права на грамадзянства і гарантыі правоў у выпадку адсутнасці грамадзянства і г. д.);
  • права на працу;
  • права на справядлівыя і спрыяльныя ўмовы працы;
  • прафсаюзныя правы;
  • права на годны (дастатковы) узровень жыцця;
  • права на здароўе і сацыяльную ахову;
  • ахова сям’і, мацярынства і дзяцінства; 
  • права на доступ да пачатковай адукацыі;
  • права на ўласнасць;
  • права на атрыманне сярэдняй і вышэйшай адукацыі;
  • права на карыстанне дасягненнямі культуры;
  • абарона найбольш неабароненых катэгорыяў насельніцтва;
  • права нацыянальных меншасцяў;
  • права на развіццё;
  • права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе.

(Паводле Д.Ружэ: Rouget D. Le guide de la protection internationale des droits de l’homme. P., 2000. Chapitre II. Les droits proteges. p.55-98. http://www.echr-base.ru/classification.jsp )

Раздатак 1.3. 

Мадэль грамадскага ўдзелу

Мадэль грамадскага ўдзелу складаецца з наступных кампанентаў:

  • Вызначэнне і ўдакладненне сутнасці праблем разам з людзьмі, зацікаўленымі ў яе вырашэнні ( ШТО?).
  • Аналіз праблем разам з людзьмі, зацікаўленымі ў яе вырашэнні (ЧАМУ?).
  • Сумеснае планаванне дзеянняў, накіраваных на вырашэнне праблем (ЯК?).
  • Ажыццяўленне дзеянняў з удзелам зацікаўленых у вырашэнні праблем людзей (ДЗЕЯННЕ).
  • Сумесная ацэнка эфектыўнасці дзеянняў, дасягнутых вынікаў (АЦЭНКА).