Veni, vidi, vici – прыйшоў, убачыў, перамог – казалі старажытныя рымляне. Прыйшоў, убачыў, напісаў – кажам мы і запрашаем навучыцца пісаць як журналісты. Так, гэта рэальна, калі ведаць базавыя правілы і тэхнікі, якімі карыстаюцца журналісты. У гэтым занятку мы дапаможам табе навучыцца пісаць навіны так, як гэта робяць рэпарцёры. Магчыма, гэта дапаможа зрабіць твае публічныя пасты і гісторыі больш цікавымі і структураванымі.
Давай пачнем!
Шэсць кітоў, на якіх трымаюцца навіны
Калі вы ўважліва прааналізуеце любую добра напісаную навіну ў медыя, то заўважыце, што ўсе навіны складаюцца з адказаў на пяць, а некаторыя – на шэсць пытанняў. Вось яны:
- Што? – падзея або аб’ект (што здарылася?)
- Хто? – асобы, задзейнічаныя ў падзеі
- Калі? – час, дата падзеі
- Дзе? – месца, дзе адбылася падзея
- Як? – спосаб або механізм (як гэта адбылося)
- Чаму? – прычыны, матывы (чаму гэта здарылася)
Пяць з пералічаных вышэй пытанняў – абавязковыя, а вось пытанне “Чаму?” часам можна абмінуць, бо мы не заўсёды можам ведаць прычыну падзеі, а навіны трэба падаваць хутка! Таму адказ на гэтае пытанне можна дадаць да навіны пазней, калі ў нас будзе такая інфармацыя.
Адказы на ўсе гэтыя пытанні спрыяюць таму, каб змест навіны быў інфармацыйна паўнавартасным і зразумелым. Калі мы таксама імкнемся да гэтага ў сваіх публічных допісах – таксама правяраем, ці маем адказы на ўсе гэтыя пытанні.
Ну і помнім таксама пра прафесійныя і этычныя стандарты, які таксама дапамогуць нам ствараць цікавы і карысны кантэнт.
А пакуль правер, як ты засвоіў веды! Напішы сваё імя – і пачынай разбірацца, дзе праўда, а дзе не!
А што ты ведаеш пра піраміды?
Напэўна, пры слове “Піраміда” у тваёй галаве малююцца піраміды старажытнага Егіпта альбо геаметрычныя фігуры. Але гэтае слова наўпрост мае дачыненне да журналістыкі і кожны журналіст ведае, што такое “Перагорнутая піраміда” і чым яна карысная.
Давайце разбярэмся і мы!
Тэхніка “Перагорнутай піраміды” – гэта спосаб напісання навін, якім карыстаюцца журналісты.
Уявіце звычайную піраміду – унізе яна шырокая, а ўверсе вузкая. А цяпер перагарніце яе “уверх нагамі”. Менавіта так будуецца журналісцкі артыкул:
Уверсе (самы пачатак тэксту) – самая важная інфармацыя. Тут адразу адказваюць на галоўныя пытанні: што адбылося? дзе? калі? хто ўдзельнічаў? Чытач ужо з першых сказаў разумее сутнасць навіны.
У сярэдзіне – дадатковыя падрабязнасці, якія дапамагаюць лепш зразумець падзею. Цытаты, факты, кантэкст.
Унізе – найменш важныя дэталі, агульная інфармацыя.

Чаму так робяць?
Таму што людзі часта чытаюць толькі пачатак артыкула. Калі самае галоўнае будзе ўверсе – чытач атрымае асноўную інфармацыю, нават калі не дачытае да канца.
Гэта як расказваць анекдот наадварот – спачатку кажаш развязку, а потым тлумачыш, як да яе дайшлі.
Правер свае веды!
На гэтым занятку мы вычыліся пісаць навіны, як журналісты.
Давайце праверым, як вы засвоілі гэтую інфармацыю! Для гэтага выканайце вось гэтае простае практыкаванне. Прачытайце гэтыя сказы, а потым размяркуйце іх у правільным парадку, абапіраючыся на прынцып “Перагорнутай піраміды”. Самы першы сказ павінен атрымаць нумар 1, наступны – нумар 2 і г.д.
Праверыць правільнасць выканання можна націснуўшы на значак у ніжнім правым куце поля.
Поспехаў!