Выпускнікі адукацыйных медыяпраграм IFAE сустрэліся ў сярэдзіне кастрычніка ў Варшаве, каб падзяліцца сваімі поспехамі, атрымаць новыя веды, пазнаёміцца і ўсталяваць карысныя сувязі.
Удзел у сустрэчы бралі выпускнікі Школы медыякампетэнцый (лета-восень, 2023), Школы журналістыкі IFAE (вясна-лета, 2024), а таксама розных анлайн-курсаў для журналістаў і блогераў, якія праводзіліся ў 2023 і 2024 гг.
Першы дзень сустрэчы быў прысвечаны знаёмству і інтэграцыі. Удзельнікі распавядалі пра сябе і знаёміліся з працай IFAE, малявалі партрэты адзін аднаго, спаборнічалі ў квізе, прысвечаным медыя, складалі песні, праходзілі іншыя выпрабаванні.
Заслужанай узнагародай сталі сертыфікаты за паспяховае сканчэнне Школ і курсаў IFAE.
Другі дзень MediaJam быў прысвечаны развіццю карысных кампетнцый.
Галоўны рэдактар CityDog Сяргей Сахараў дапамагаў удзельнікам разабрацца з тым, як ствараць кантэнт, які будзе забаўляць і адукоўваць аўдыторыю, што такое Infotaiment i Edutaiment.
Разам з Сяргеям удзельнікі MediaJam паглыбіліся ў гісторыю станаўлення забаўляльнай журналістыкі, узгадалі беларускія медыя, якія ў розны час былі наватарамі ў прасоўванні такога кантэнта (“Имя”, “Навінкі” і інш.), склалі спіс фарматаў забаўляльнага кантэнта, актуальных у 2024 г.
Разынкай трэнінга стала практыка ў планаванні канцэпцый медыя, якія спецыялізуюцца на забаўляльным кантэнце.
Су-заснавальніца Stratcomlab Насця Касцюгова ў сваім блоку праграмы засяродзілася на тым, чаго хочуць алгарытмы ў інтэрнэце і як ім “дагадзіць”, ці павінен забаўляльны кантэнт толькі забаўляць, як не застацца назаўсёды ў “інфармацыйнай бурбалцы” і як працаваць з наратывамі ў кантэнце.
Перад стваральнікамі якаснага беларускага кантэнта сёння процьма выклікаў: выраб такога кантэнта патрабуе вялікіх рэсурсаў, жорсткай перыядычнасці, уліку шалёнай канкурэнцыі (у тым ліку і з боку стваральнікаў якаснага кантэнта з Украіны, Расіі, англамоўных краін), выбару мовы, якой мы звяртаемся да сваёй аўдыторыі. Аднак калі мы рэальна хочам пашырыць сваю аўдыторыю – варта прыняць гэтыя выклікі!
І тут адна з нашых найважнейшых задач – сфакусавацца на вельмі канкрэтнай аўдыторыі і разумець яе інтарэсы.
Удзельнікі сустрэчы таксама мелі магчымасць падыскутаваць пра тое, чым адрозніваюцца прафесійныя медыя ад медыя, якія ствараюць НГА і блогеры, ці варта чакаць ад блогераў і стваральнікаў медыяпраектаў НГА прытрымлівання стандартаў якаснага кантэнта, фактчэкінга і г.д.
Заключная частка сустрэчы была прысвечаная абмену досведам і выяўленню патрэбаў у навучанні.
Удзельнікі MediaJam распавядалі, якія тэмы і фарматы былі б для іх цікавымі, што яны самі маглі б выкладаць. Магчыма, некаторыя з гэтых тэмаў ужо хутка ўвойдуць у новыя навучальныя праграмы IFAE.