Перайсці да змесціва

План заняткаў

Вызначэнне мэтаў, задач і мэтавых груп грамадскіх кампаній

Вызначэнне мэтаў, задач і мэтавых груп грамадскіх кампаній

План гэтых заняткаў запазычаны з метадычнага дапаможніка “Адстойванне і пашырэнне правоў чалавека праз грамадскі ўдзел”, распрацаванага ў межах сумеснага праекту Бюро АБСЕ па дэмакратычных iнстытутах і правах чалавека (АБСЕ БДІПЧ) і Еўрапейскай камісіі (2010). Аўтарамі дапаможніка з’яўляюцца Ігар Кузьмініч і Вітаўт Руднік.

Апісаныя ў дапаможніку заняткі могуць быць прыдатнымі для настаўнікаў і адукатараў, якія працуюць у сферы нефармальнай адукацыі.

Чаканыя вынікі:

У выніку заняткаў ўдзельнікі будуць ведаць:

  • як фармулююцца мэты і задачы дзейнасці, якая тычацца пытанняў абароны правоў чалавека і законных інтарэсаў грамадзян;
  • як вызначаюцца і аналізуюцца мэтавыя групы ў межах дзейнасці, скіраванай на абарону правоў чалавека і законных інтарэсаў грамадзян.

У выніку заняткаў ўдзельнікі будуць здольныя:

  • фармуляваць і апісваць мэты і мэтавыя групы ў межах дзейнасці, скіраванай на абарону правоў чалавека і законных інтарэсаў грамадзян.

У выніку заняткаў ўдзельнікі будуць ставіцца:

  • да працэсу сумеснага вызначэння мэтаў, задач і мэтавых груп як да важнага этапу мабілізацыі грамадзян на сумесныя дзеянні, скіраваныя на абарону правоў чалавека і законных інтарэсаў грамадзян.

План заняткаў (90 хв.)

1. Факусаванне ўвагі —- 5 хв.

2. Прадстаўленне тэмы і мэтаў заняткаў — 1 хв.

3. Вызначэнне мэтаў і задач грамадскіх кампаній і акцый — 45 хв.

4. Вызначэнне і аналіз мэтавых груп у межах грамадскіх кампаній і акцый — 25 хв.

5. Падсумаванне вынікаў заняткаў — 14 хв.

Ход заняткаў

1. Факусаванне ўвагі (5 хв.).

Распавядзіце ўдзельнікам казку пра падарожніка, які аднойчы ўбачыў, як людзі ў полі цягаюць вялікія камяні.

Што вы робіце?” — запытаў іх падарожнік. “Цягаю камяні” — адказаў першы работнік. “Кармлю сям’ю” — адказаў другі. “Будую храм!” — сказаў трэці работнік.

Запытайце ва ўдзельнікаў, як яны зразумелі гэту гісторыю.

Акцэнтуйце ўвагу на тым, што вельмі важна разумець, што і для чаго ты робіш. Асабліва важна гэта тады, калі ты робіш нешта сумесна з іншымі людзьмі.

2. Прадстаўце тэму і чаканыя вынікі заняткаў. 

3. Вызначэнне мэтаў і задач грамадскіх кампаній і акцый (45 хв.).

Нагадайце ўдзельнікам сутнасць мадэлі грамадскага ўдзелу. Падкрэсліце, што ад таго, наколькі канкрэтна і рэалістычна будзе сфармуляваная мэта, будзе залежыць эфектыўнасць любых сумесных дзеянняў грамадзян, скіраваных на рэалізацыю іх законных інтарэсаў. 

Аб’яднайце ўдзельнікаў у малыя групы, у якіх яны на папярэднім занятку займаліся аналізам праблемных сітуацый, звязаных з правамі чалавека. Патлумачце, што на гэтым занятку мы будзем вучыцца фармуляваць мэты грамадскіх кампаній, вызначаць і аналізаваць мэтавыя групы гэтых кампаній. Дайце кожнай групе апісанні праблемных сітуацый, падрыхтаваныя ўдзельнікамі ў час папярэдняга занятку. 

Увага! У якасці дапаможнага матэрыялу можна выкарыстаць таксама матэрыялы розных грамадскіх кампаній (тыя іх часткі, дзе апісваюцца праблемы, на вырашэнне якіх былі скіраваныя гэтыя кампаніі), прыкладзеных да матэрыялаў дапаможніка.

Раздайце ўдзельнікам раздатак 3.1 растлумачце з яго дапамогай, што такое мэты і задачы і як яны фармулююцца. Звярніце ўвагу ўдзельнікаў, што калі праблема — гэта негатыўная сітуацыя, то фармулёўка мэты павінна паказваць, якім будзе пазітыўны вынік вырашэння гэтай сітуацыі. 

Папрасіце кожную групу на працягу 20 хв. сфармуляваць мэты і задачы магчымай грамадскай кампаніі для вырашэння гэтых праблемных сітуацый. 

У час прэзентацыі вынікаў працы груп звяртайце ўвагу на тое, ці ясна і канкрэтна сфармуляваныя мэты і задачы, ці вынікаюць яны з праблемных сітуацый, апісанне якіх мелі групы, ці яны рэалістычныя, ці звязаныя лагічна паміж сабой. 

4. Вызначэнне і аналіз мэтавых груп у межах грамадскіх кампаній і акцый (25 хв.)

Звярніце ўвагу ўдзельнікаў на тое, што для дасягнення мэты неабходна дакладна вызначыць мэтавыя групы — г. зн. людзей, на якіх будзе скіраваная ваша дзейнасць. Гэта могуць быць як людзі, ад якіх залежыць вырашэнне важных для вас пытанняў, так і тыя людзі, якіх вы збіраецеся прыцягнуць да дзейнасці ў межах сваёй кампаніі як важны рэсурс. Добрае веданне сваіх мэтавых групаў дапаможа лепш спланаваць дзейнасць, скіраваную на дасягненне вызначаных мэтаў і задач.

Для аналізу магчымых мэтавых групаў можна выкарыстаць узор у раздатку 3.2. Папрасіце кожную групу на працягу 25 хв. стварыць і запоўніць такую табліцу, зыходзячы з сфармуляваных мэтаў дзейнасці і вызначаных мэтавых груп. Арганізуйце прэзентацыю вынікаў працы ў групах. У час прэзентацыі звяртайце ўвагу на тое, ці ўсе важныя мэтавыя групы названыя ўдзельнікамі, ці атрымалася ў іх выявіць магчымыя інтарэсы гэтых груп у дачыненні да грамадскіх кампаній, якія распрацоўваюцца ўдзельнікамі.

Тлумачальная інфармацыя

Звярніце ўвагу ўдзельнікаў, што ў межах грамадскіх кампаній могуць быць два віды мэтавых групаў: групы, якія зацікаўленыя ў вырашэнні тых альбо іншых праблем (напрыклад, мясцовыя жыхары), і групы, ў сферу адказнасці якіх уваходзіць вырашэнне гэтых праблем (напрыклад, мясцовыя ўлады). Мэты гэтых груп у дачыненні да праблемных сітуацый могуць як супадаць, так і цалкам разыходзіцца!

Таксама трэба мець на ўвазе, што мэтавыя групы, зацікаўленыя ў вырашэнні таго альбо іншага пытання, могуць быць дастаткова пасіўнымі ў справе адстойвання сваіх інтарэсаў (напрыклад, праз страх, неразуменне сутнасці праблемы і г. д.).

5. Падсумуйце вынікі занятку (14 хв.).

Выкарыстайце для гэтага наступныя пытанні:

▪ Што такое мэта грамадскай кампаніі?

▪ З дапамогай якіх крытэрыяў можна ацэньваць фармулёўку задач?

▪ Што такое мэтавая група?

▪ Для чаго неабходны аналіз мэтавых групаў? 

Падзякуйце ўдзельнікам занятку за працу!

Дадатковая інфармацыя

Вызначэнне мэтаў і мэтавых групаў з’яўляецца надзвычай важным этапам грамадскай кампаніі. Гэта этап, калі мы плануем рэальныя вынікі нашай кампаніі, а таксама вызначаем людзей, якія могуць паўплываць на дасягненне гэтых вынікаў. Чым лепш мы сфармулюем мэту і прааналізуем мэтавыя групы, тым больш шансаў на тое, што запланаваная ў межах кампаніі дзейнасць будзе эфектыўнай.

Добрым прыкладам тут можа быць грамадская кампанія “Нараджаць па-людзку”, якая распачалася ў сярэдзіне 90-х гг. у Польшчы. Яе мэтай было забеспячэнне годных умоваў для догляду за жанчынамі і іх дзецьмі ў польскіх радзільных дамах. У якасці мэтавых групаў кампаніі былі абраныя жанчыны пасля родаў і іх сем’і, дактары і акушэры, структуры, ад якіх залежала прыняцце рашэнняў адносна забеспячэння якасці медыцынскага абслугоўвання парадзіх і немаўлят, а таксама грамадская думка. Мэтанакіраваная праца з кожнай з гэтых груп дазволіла істотна палепшыць якасць абслугоўвання жанчын і іх дзетак у радзільных дамах Польшчы.

Раздатак 3.1 

Вызначэнне мэты і задач грамадскай кампаніі

Мэта — гэта канчатковы пазітыўны вынік, накіраваны на вырашэнне/зніжэнне наступстваў праблемнай сітуацыі.

Фармулёўка мэты можа складацца з наступных элементаў:

▪ Які пазітыўны вынік будзе дасягнуты?

▪ Для каго?

▪ Якім чынам (асноўная стратэгія дасягнення мэты)?

Прыклад добрай фармулёўкі мэты — забеспячэнне права асоб з інваліднасцю (людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі) на ўдзел у жыцці грамадства праз стварэнне для іх ўмоваў для безбар’ернага перасоўвання ў межах мікрараёна Н. і камунікацыі з дапамогай інтэрнэта.

Прыклад кепскай фармулёўкі мэты — палепшыць жыццё асоб з інваліднасцю (людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі).

Задачы —- гэта канчатковыя змяненні, якія неабходна ажыццявіць у працэсе рэалізацыі запланаванай дзейнасці, каб дасягнуць яе мэты.

Напрыклад: 

Мэта:Задачы:
1. Спрыяць забеспячэнню права асоб з інваліднасцю на ўдзел у жыцці грамадства праз стварэнне для іх ўмоваў для безбар’ернага перасоўвання ў межах мікрараёна Н. і камунікацыі з дапамогай інтэрнэта.1. Дамагчыся ад мясцовых уладаў мікрараёна Н. абсталявання на працягу 2011 г. пандусамі і іншымі прыладамі ўсіх публічных месцаў, а таксама дамоў, дзе пражываюць асобы з інваліднасцю, што забяспечаць ім безбар’ернае перасоўванне ў межах мікрараёна.
2. Забяспечыць з дапамогай цэнтра па працаўладкаванні навучанне 20 асоб з інваліднасцю асновам выкарыстання інтэрнэту для пошуку працы і камунікацыі.
3. Забяспечыць падключэнне кватэраў 20 асоб з інваліднасцю да інтэрнэту на ўмовах ільготнай аплаты.
4. …………………

Пры фармуляванні задач выкарыстоўвайце крытэрыі SMART:

  • Specific (Канкрэтнасць) — ці з’яўляецца задача канкрэтнай, ці паказвае яна што, калі, як і дзе трэба зрабіць?
  • Measurable (Вымяральнасць) — ці паддаецца задача вымярэнню (колькасць людзей, якія атрымаюць прававыя паслугі, працэнт зніжэння злачыннасці і г. д.)?
  • Area-bound (Тэрытарыяльнасць) — ці паказвае задача тэрыторыю, на якой будуць адбывацца запланаваныя дзеянні?
  • Realistic (Рэалістычнасць) — ці рэальна выканаць гэту задачу? Ці насамрэч яе выкананне будзе спрыяць дасягненню мэты?
  • Time-bound (Вызначанасць у часе) — ці вызначае задача перыяд часу, на працягу якога яна павінна быць выканана?

Раздатак 3.2

Аналіз мэтавых групаў

Аналіз важнага для вашай кампаніі акружэння дапамагае высветліць, хто можа паўплываць на вынікі кампаніі, на каго можна разлічваць як на саюзніка, а хто можа “устаўляць палкі ў колы”, што і на якіх умовах гэтыя людзі жадаюць атрымаць у выніку рэалізацыі вашай задумы.

Для такога аналізу можна выкарыстаць некаторыя з прыведзеных ніжэй пытанняў: 

Жыхары мікрараёну Н. з асобы з інваліднасцю Мясцовыя органы ўладыПравайдэры інтэрнэт-паслугСМІ
Якую карысць атрымаюць ад рэалізацыі кампаніі?
Якія рэсурсы могуць укласці ў кампанію?
На якіх умовах пагодзяцца на прапанаваныя ў межах кампаніі дзеянні?
Якія асцярогі ў дачыненні да кампаніі могуць мець?
Што трэба зрабіць, каб паўплываць на іх?

Глядзіце таксама іншыя заняткі па тэме: